Урок беларускай мовы ў 1 класе
ТЭМА: “Я і навакольны свет.
Я і раслінны свет.”
Настаўніца вышэйшай катэгорыі
ДУА “Сярэдняя школа № 6 г.Магілёва”
Вронская Вольга Браніславаўна
Урок беларускай мовы ў 1 класе.
Тэма: Я і навакольны свет. Я і раслінны свет.
Мэты ўрока: Пазнаёміць з казкай “Дзьмухавец - Пузанчык”. Вучыцца аўдзіраванню на матэрыяле казкі. Вучыць правільна чытаць па-беларуску, правільна ўспрымаць і вымаўляць у адпаведнасці з маўленчым узорам гукі [дз’] і [ц’], іх спалучэнні ў словах. Пашырыць слоўнікавы запас вучняў па тэме “Кветкі”. Развіваць маўленне. Выхоўваць любоў да роднай прыроды, зацікаўленасць навакольным асяроддзем, беражлівыя адносіны да раслін.
Абсталяванне: падручнікі “Агеньчык”, каляровыя алоўкі, малюнкі кветак, схемы-апоры, сігнальныя карткі.
Тып урока: урок-гульня з нетрадыцыйнай формай навучання.
Ход урока:
Арганізацыйны момант.
Вы вельмі разумныя і кемлівыя. Будзеце добра працаваць на ўроку, добразычліва адносіцца адзін да аднаго. Усміхніцеся адзін аднаму. Паслухайце верш (чытае вучань):
Я – беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песен пералівы
І зблізу чую і здаля!
Невыпадкова наш урок пачаўся гэтымі словамі. Бо мы жывем у краіне, якая мае светлую назву Белая Русь – Беларусь, мае сваю культуру, свае звычаі і гісторыю. Чаму мы павінны вывучаць беларускую мову? (Мы – беларусы, жывем у Рэспубліцы Беларусь, таму павінны ведаць сваю родную мову).
Фанетычная зарадка.
Як звініць званочак? (Дзінь - дзінь)
Які гук пачулі? ( [дз’] )
Як пяе сінічка? (Цінь - цінь)
Які гук пачулі? ( [ц’] )
Паслухайце верш:
Напрадвесні, у цішы,
зазванілі ледзяшы.
- Дзінь-дзінь, - звініць адзін.
- Згі – згі, - пяе другі.
(Вымаўленне верша па частках)
Якія гукі тут найчасцей сустракаліся? ([дз’], [ц’])
Гэтыя гукі прыйшлі да нас на ўрок і мы з імі яшчэ будзем працаваць. Але спачатку ўзновім свае веды.
Узнаўленне ведаў.
Якую казку слухалі на мінулым уроку? (“Як гукнеш, так і адгукнецца”)
Назва казкі – гэта прыказка. Як растлумачыць яе сэнс? Як мы павінны адносіцца да людзей? Ёсць такія словы: “Трэба адносіцца да людзей так, як ты хочаш, каб адносіліся да цябе”.
Успомнім верш, які вучылі на мінулым уроку:
Пакланіся добрым людзям,
Век дзяліся тым, што маеш, -
Хлебам – соллю, казкай – краскай.
Ну а ў госці запрашаеш,
Гавары ўсім: Калі ласка!
А з табой як тое будзе,
То за шчодры знак ўсякі
Пакланіся добрым людзям
І скажы ім шчыра:
-Дзякуй!
Новая тэма. Аўдзіраванне.
Стары Дзед Усявед абыйшоў цэлы свет.
Вяртаўся дадому, нёс казак малому.
На парозе сянец паставіў карабец.
Вось з гэтага карабца дастанем новую казку. А як яна называецца, пазнаем, калі разгадаем загадку:
Ледзь трава зазелянела –
Кветка зоркай расквітнела,
На адной назе цыбатай
Моўчкі ўстала перад хатай.
Колькі дзён квітнела-ззяла –
Раптам больш пухам стала.
З поля вецер наляцеў –
Пух той з ветрам паляцеў.
Хто з вас можа адгадаць,
Як жа тую кветку зваць?
“Одуванчик” – гэта руская назва кветкі, а як гэта кветка завецца па-беларуску, прачытаем хорам – дзьмухавец. Назавіце першы гук. ([дз’]). Гук [дз’] завітаў у госці да гэтай кветкі.
А як вы думаеце, чаму дзьмухавец так назвалі?
Людзі ўжываюць гэту кветку ў ежу, ранняй вясной робяць вітамінныя салаты. Добра запомніце назву гэтай кветкі.
Фізкультхвілінка:
Белым шарыкам пушыстым
Дзьмухавец стаяў вясенні.
Вецер дзьмухнуў і ўсё чыста
З дзьмухаўца абтрос насенне.
Упадзе адсюль далёка,
Трапіць у любы закутак.
Бо ляціць яно высока
На маленькіх парашутах.
Дзьмухаўцы, як парашуты,
Па-над лугам кружацца.
У іх розныя маршруты –
Дзе які апусціцца.
Сёння вы будзеце слухаць казку “Дзьмухавец - Пузанчык” аўтара Алены Рыгораўны Кобец-Філімонавай. Вы будзеце вучыцца правільна ўспрымаць на слых і вымаўляць гукі [дз’], [ц’]; правільна чытаць па-беларуску, навучымся новым назвам кветак і іх колераў.
Дзе будзе праходзіць дзея казкі, вы даведаецеся з загадкі:
А зязюля ўсё кувае.
Салавейка напявае.
Грэе сонца з цёплай ласкай.
Дзе красуюць краскі? (У садзе)
Паўтарыць з рознай інтанацыяй сказ “Як хороша ў садзе”: ціха, мацней, моцна.
Вось і гераіня казкі дзяўчынка Соня гуляла ў садзе. А што здарылася далей, мы даведаемся, калі паслухаем гэту казку.
Слоўнікавая работа:
У казцы сустрэнуцца словы (на дошцы):
чакаць – ждать
пялёсткі – лепестки
паветра – воздух
сціплы – скромный
Калі будуць незразумелыя словы пры слуханні, вы ведаеце, што трэба падымаць картку з пытальнікам. Адкрыйце падручнікі на патрэбнай старонцы. Сачыце за маімі словамі па малюнкаваму раду.
Чытанне казкі настаўнікам.
Замацаванне вывучанага.
Адказы на пытанні па асэнсаванню пачутага:
Спадабалася вам казка? Ці былі незразумелыя словы? Пакажыце на малюнках сцябло з макаўкай.
Дзе гуляла дзяўчынка?
Што пачула Соня?
Як гаварыў пра сябе Дзьмухавец?
Ці спадабалася вам яго гутарка?
А як вялі сябе Незабудкі?
Што адбылося далей?
Як да гэтага аднеслася дзяўчынка?
Як суцешыла ўнучку бабуля?
Якога малюнка не хапае? Што на ім трэба адлюстраваць?
Падумайце, чаму Дзьмухавец у казцы называецца Пузанчыкам?
Хвілінка адкрыццяў:
Куды ў казцы зніклі парашуцікі? (За плот суседняй дачы).
Адгадайце загадку:
Абступіў ён агароды,
Абабег дамы, сады
І вакол жывой прыроды
Так прастойвае гады. (Плот)
Пакажыце на малюнку.
У рускай мове таксама ёсць слова “плот”.
А вот я – с другой судьбою:
Часто вижу города,
Дружен я всегда с рекою,
Путь мой – быстрая вода. (Плот)
Чым яны адрозніваюцца па сэнсе?
Інсцэніроўка ўрыўка: Дзьмухавец, Соня, бабуля.
Фізкультхвілінка:
Дзі – дзі – дзі – на неба паглядзі.
Дзе – дзе – дзе – з намі сонейка ідзе.
Дзі – дзі – дзі - цішэй ля кветак ідзі.
Це – це – це – дзьмухавец тут расце.
Чытанне па падручніку:
А зараз мы навучымся чытаць беларускія словы. Але спачатку паслухайце, як іх буду чытаць я. Можаце сачыць.
А зараз прачытайце гэтыя словы ўпаўголаса.
А цяпер са мной разам.
А цяпер пагуляем у гульню “Рэха” – я вам слова шэптам, а вы мне ўголас будзеце яго вяртаць.
Паглядзіце на малюнкі кветак. Прачытайце назву да першай кветкі, да другой, да трэцяй, да апошняй.
Адкажыце, пасля якога слова стаіць слова “ландыш”, якое слова стаіць пад словам “рамонак”, якое слова самае першае, самае апошняе.
А зараз адгадайце загадкі, знайдзіце назвы кветак і прымацуйце пад патрэбным малюнкам.
На сонечным узлеску
Апошні снег растаў.
Вясёлыя … (пралескі)
Зірнулі з-пад куста.
З тонкіх лісцікаў-пялёнак
Вылез раніцай … (рамонак)
Белай хусткай ахінуўся
І да сонца пацягнуўся.
Ой, якія прыгожыя кветкі!
Ляцяць да іх пчолкі,
Бягуць да іх дзеткі.
Пчолкі мядок салодкі збіраюць,
Дзеткі вянкі на галоўку сплятаюць. (Валошкі)
На ўсіх сцяблінках тонкіх
Вісяць званочкі – гронкі,
Духмяныя, срабрыстыя,
Нібы расінкі, чыстыя. (Ландыш)
Дрэва, траўка, птушачка і кветка
Не заўжды ўмеюць бараніцца.
Калі будуць знішчаны яны,
На планеце мы застанемся адны.
Ці хацелі б вы застацца адны на ўсёй планеце? Чаму? Што трэба рабіць, каб не застацца адным? На перапынку вы выбралі сабе кветку, якую зараз будзеце размалёўваць. Але спачатку адгадаем загадку:
Ад неба да зямлі
Сем сцяжынак праляглі. (Вясёлка)
Пагуляем у гульню “Колеры вясёлкі” (настаўнік паказвае на вясёлцы, дзеці называюць колеры).
Назавіце, якую кветку вы выбралі. У каго валошка (рамонак, пралеска, ландыш)? Якія каляровыя алоўкі спатрэбяцца?
Гульня “Будзь уважлівы”
Я буду называць словы, калі пачуеце назву кветкі, пляскайце ў далоні , хто памыліцца, той выбывае з гульні – устае.
Лілея, талерка, рамонак, званок, званочак, посуд, дзьмухавец, ландыш, дрэва, пралеска.
Вынік урока.
Якую казку вы сёння слухалі на ўроку? Наша галоўная мэта была – паслухаць казку і навучыцца новым словам. З якімі словамі пазнаёміліся? (на дошцы) Які першы гук у слове “дзьмухавец”? ( [дз’] ). А з якім гукам яшчэ чыталі словы? ([ц’]) (паказваюць на схемах).
Рэфлексія.
Хто лічыць, што працаваў на ўроку добра, з усёй аддачай – прымацуйце да дошкі валошкі. Хто лічыць, што на ўроку не вельмі актыўна працаваў, але на наступным уроку будзе лепш працаваць – рамонкі.
Атрымаўся цудоўны букет з валошак і рамонкаў як сімвал нашай Беларусі. Мы ўсе разам ствараем сілу і моц нашай Радзімы.
Як песню вясной жаўруковую,
Шануй беларускую мову!
Шануй і любі яе, родную,
Каб мог ты на ей заспяваць,
Каб мог і зімою халоднаю
Той песняй сяброў саграваць.